Давайце разам подумаем, як зацікавіць дзіця, каб яму захацелася гаварыць на роднай мове!
Ветлівасць
Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:
Дзякуем
Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!
Просім прабачэння
Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.
Радуемся
Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!
Жадаем
Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!
Імёны
Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней на Беларусі.
Кнігі на беларускай мове
У многіх сем’ях існуе традыцыя — увечары перад сном бацькі чытаюць дзецям казкі. Часцей чытайце разам з дзецьмі кнігі на беларускай мове. Завітайце ў кнігарню ці бібліятэку, пазнаёмцеся з навінкамі на кніжных паліцах. Вы ведаеце кнігі «Прыгоды Нуліка» і «Я тут жыву» Уладзіміра Ліпскага, «Вандроўка з божымі кароўкамі» і «Першая прыгажуня» Алены Маслы, «Цуда-вуда» Уладзіміра Мазго, кнігі Ніны Галіноўскай, Казіміра Камейшы, Міколы Маляўкі, Анатоля Зэкава і іншыя цудоўныя творы, якія напісаны спецыяльна для маленькіх чытачоў? Цікаўцеся дзіцячай літаратурай на роднай мове!
Паспрабуйце заахвоціць дзяцей да чытання вершаў, казак, апавяданняў, змешчаных на старонках дзіцячых часопісаў. Разам абмяркоўвайце выказаныя ў іх думкі, дапамажыце лепш зразумець прачытанае.
Прыказкі і прымаўкі
Хоць, можа, у штодзённым жыцці мы рэдка размаўляем па-беларуску, але часта прыгадваем вядомыя прыказкі і прымаўкі, якія дапамагаюць выказаць свае адносіны да сітуацыі. Прыказкі надаюць мове выразнасць, дасціпнасць, паэтычнасць. «Хата без кутоў не будуецца, без прымаўкі ні бяседа, ні гутарка не вядзецца» — у прыказках мала слоў, але ў іх закладзена народная мудрасць. Трапныя выслоўі назапашваюцца ў нашай памяці на працягу ўсяго жыцця. Мы чуем і запамінаем іх з размоў, слухаючы казкі, песні, паданні. Усім знаёмая сітуацыя: дзіця мые посуд, раптам талерка выслізвае з рук і разбіваецца. Каб супакоіць дзіця, дарослыя прыгадваюць старое павер’е: «Посуд б’ецца на шчасце!»
Без асаблівых намаганняў памяці мы звяртаемся да прыказак і прымавак, каб вывесці правіла, даць ацэнку падзеям, характарыстыку паводзінам людзей. Як растлумачыць дзецям, што такое любоў і павага да бацькоў, як трэба ставицца да людзей, дзе знайсці даступныя ўзросту прыклады? Прапануйце малым некалькі прыказак і разам абмяркуйце іх.
Пры сонейку цёпла, пры мамачцы добра.
Добраму чалавеку жыццё ў радасць, а злому — адно гора.
Не рабі другому, што не люба самому.
У людзей пытай, ды свой розум май.
Прыказкі і прымаўкі не старэюць на працягу стагоддзяў, яны выказваюць агульначалавечую мараль сцісла, у дасканалай мастацкай форме. Крынічным звонам бессмяротнасці роднае мовы назваў Янка Брыль народныя прыказкі і прымаўкі.
Святы
Хто не ведае прыгожую легенду пра папараць-кветку, якая расцвітае ў ноч на Івана Купалу? Пра тое, што чалавек, якому пашчасціць здабыць чароўную кветку, зразумее мову птушак і звяроў, стане багатым і шчаслівым? Ноч гэтая незвычайная, казачная: дрэвы, хмызы і кветкі размаўляюць паміж сабою і нават пераходзяць з месца на месца. Менавіта ў купальскую ноч, згодна з павер’ем, трэба збіраць лекавыя расліны, якія маюць у гэты час асаблівую сілу.
На жаль, сучасныя дзеці дрэнна ведаюць беларускія святы. Пачніце знаёміць малых з народным календаром — расказвайце пра святы, якія захаваліся да нашых дзён. Напрыклад, увесну беларусы святкуюць Вербніцу, або Вербную нядзелю. У гэты вясновы дзень, за тыдзень да Вялікадня, людзі ламаюць галінкі вярбы — дрэва, поўнага магутнай жыццёвай сілы. Вербнай галінкай дакранаюцца да родных і знаёмых (найперш да дзяцей) і прыгаворваюць:
Не я б’ю — вярба б’е.
За тыдзень — Вялікдзень.
Будзь здаровы, як вада,
І багаты, як зямля.
Расці, як вярба,
Як лёд, на ўвесь год!
У бібліятэцы можна знайсці цікавыя кніжкі пра беларускія народныя святы. Разам з дзецьмі прачытайце пра провады зімы — Масленіцу, свята прылёту птушак — Саракі, пра пачатак і заканчэнне жніва — Дажынкі і Зажынкі ды іншыя народныя традыцыі.
Урокі роднай мовы
Вывучэнне мовы, якую не ведаеш, — з’ява не простая. Калі ж бацькі разам з дзецьмі вывучаюць родную мову, поспех абавязкова прыйдзе. Час ад часу можна нават спаборнічаць, хто лепш ведае сваю мову. Напрыклад, паспрабуйце з дапамогай перакладнога слоўніка (а мо і без яго) назваць па-беларуску навакольных птушак, звяроў, кветкі і г. д.
«Вам доўга крочыць праз гады. Не забывайцеся ж, якія Вы пакідаеце сляды», — успамінаюцца радкі з верша Пятруся Броўкі.
Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. І тады новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове.
https://planetabelarus.by/sights/natsionalnaya-biblioteka-belarusi
«Беларускія народныя гульні як сродак фізічнага выхавання»
Працу з дзецьмі дашкольнага ўросту немагчыма ўявіць без наяўнасці ў ёй элементаў народнай педагогікі і традыцыйнай фізічнай культуры. Яны ўключаюць у сябе адзін з найбольш важных прынцыпаў выхавання — прынцып прыродаадпаведнасці. 3 дапамогай традыцыйных сродкаў і метадаў можна аказаць эфектыўнае ўздзеянне на гарманічнае развіццё дзіцяці, не парушаючы яго ўнутранага свету і сувязі з навакольным асяроддзем.
Фізічная культура займае вядучае месца ў выхаванні дзяцей, і адным з яе раздзелаў з'яўляецца рухомая гульня. Дашкольны ўзрост — гэта перыяд, калі дзіця хутка расце і развіваецца, авалодвае ведамі, і таму вельмі важна дапамагчы яму навучыцца правільна ўспрымаць знешні свет, акаляючыя яго прадметы і з'явы. Задача дашкольных устаноў — забяспечыць усебаковае развіццё і выхаванне дзяцей. Выкананне яе здзяйсняецца рознымі сродкамі, сярод якіх важнае месца належыць гульні.
Рухомыя гульні ствараюць атмасферу радасці і таму робяць больш эфектыўным комплекснае рашэнне аздараўленчых, адукацыйных і выхаваўчых задач. Актыўныя рухі, абумоўленныя зместам гульні, выклікаюць у дзяцей станоўчыя эмоцыі і павялічваюць фізічныя працэсы. Сітуацыі на гульнёвых пляцоўках, якія ўвесь час змяняюцца, прывучаюць дзяцей мэтанакіравана выкарыстоўваць рухомыя здольнасці і звычкі, забяспечваць іх удасканаленне. Звычайна праяўляюцца такія фізічныя якасці, як хуткасць рэакцыі, спрытнасць, вокамер, раўнавага, навыкі арыентацыі ў прасторы, што адыгрывае важную ролю ў набыцці дзіцём жыццёвага вопыту. Неабходнасць падпарадкоўвацца правілам і пэўным чынам рэагаваць на сігнал арганізуе і дысцыплінуе дзяцей, прывучае іх кантраляваць свае паводзіны, развіваць кемлівасць, рухальную ініцыятыву і самастойнасць. Рухомыя гульні пашыраюць агульны кругагляд, папаўняюць слоўнікавы запас, удасканальваюць псіхічныя працэсы.
Гарманічнае спалучэнне паэтычнага слова, рытму, інтанацыйнай выразнасці, музыкі і рухаў дае магчымасць рэалізаваць эмацыйныя патрэбы дзіцяці. Яшчэ ў 1932 г. Г. В. Хухлова адзначыла, што «сістэматычныя фізічныя заняткі, якія праводзяць з эмацыянальным пад’емам і павелічэннем, — найбольш просты шлях да фізічнага і псіхічнага ўдасканалення дзіцячага арганізма».
Беларускія народныя гульні — адзін з самых старажытных сродкаў выхавання, яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне і цесна звязаны з навакольным асяроддзем, бытам і працоўнай дзейнасцю людзей, раскрываюць характар, звычкі і традыцыі беларусаў. Як правіла, беларускія народныя гульні — рухомыя. Роля беларускіх народных рухомых гульняў як сродку фізічнага, эстэтычнага і разумовага выхавання абумоўлена тым, што яны садзейнічаюць правільнаму фізічнаму развіццю, умацаванню здароўя; развіваюць сілу, спрыт, вастрыню зроку і слыху, назіральнасць, кемлівасць, удумлівасць, вытрымку, калектывізм, клопат пра іншых, любоў да роднага краю, пачуццё справядлівасці і прыгажосці. Гэта адбываецца за кошт таго, што, з аднаго боку, дашкольнікі ўключаюцца ў практычную рухомую дзейнасць, развіваюцца фізічна, вучацца дзейнічаць і прымаць рашэнні самастойна. 3 другога боку, яны атрымліваюць маральнае і эстэтычнае задавальненне, знаёмяцца з народнымі традыцыямі, лепш пазнаюць акаляючы свет.
Беларуская рухомая гульня зарадзілася спачатку як культавы абрад. Потым, з цягам часу яна набыла від забавы, але ж захавала сваю асноўную накіраванасць на агульную фізічную падрыхтоўку, удасканаленне функцый арганізма, выхаванне маральна-валявых і творчых здольнасцей. Гульні былі дэтэрмінаваны па ўзросце. Гуляць дзеці пачыналі яшчэ немаўлятамі: спачатку дарослыя забаўлялі іх, падкідвалі і гушкалі на руках, потым, калі дзеці маглі трымаць у руках прадметы, ім давалі самаробныя цацкі («лялькі»), Простыя фізічныя практыкаванні, якія, як правіла, суправаджаліся гульнямі, развівалі рукі маленькіх, а жартоўныя песенькі і прыгаворкі, імітаванне галасоў птушак і жывёл знаёмілі з навакольным жыццём, маральнымі нормамі, дазвалялі атрымаць першае ўяўленне пра дабрыню (іх можна выкарыстоўваць з першай малодшай групы). З узростам пашыралася колькасць гульняў і іх змест, яны значна ўскладняліся.
Беларусы маюць своеасаблівую школу пешчання. Немаўлятак забаўлялі, прывучалі іх да элементарных гульняў з дапамогай забаўлянак, якіх багата накоплена ў народнай творчасці. Так, робячы гімнастыку, падкідвалі дзіця на руках, пахлопвалі яго па спінцы, пагладжвалі па жывоціку, згіналі ножкі, суправаджалі дзеянні спецыяльнымі забаўлянкамі, як імправізаванымі, так і ўстойлівымі, вядомымі ў той ці іншай мясцовасці.
Дух змагарства, магчымасць паспрабаваць свае сілы і вынослівасць наогул быў характэрны для гульняў дзяцей розных узростаў. Самай простай і распаўсюджанай сярод іх была гульня «ў абгонку» («перагонкі», «перапехі», «хто каго абгоніць»). Сіла і спрыт патрабаваліся дзецям для хадзьбы на хадунах. Хадзьба на хадунах была справай не простай, для авалодання ёю трэба было шмат трэніравацца. Гэта гульня захапляе перш за ўсё дзяцей больш старэйшага ўзросту.
Асноўнай рысай большасці беларускіх рухомых народных гульняў з'яўляецца тое, што яны патрабуюць шмат фізічнай энергіі, спрыту, кемлівасці, у выніку чаго дзеці атрымліваюць добрую фізічную нагрузку, загартоўку. Вясковыя дзеці ўжо ў падлеткавым узросце былі фізічна моцнымі і вынослівымі і маглі выконваць работы ў полі і па гаспадарцы, якія патрабавалі шмат сіл.
Трэба адзначыць, што ў сваім першапачатковым выкананні ўсе народныя гульні праводзіліся і праводзяцца на вуліцы і не патрабуюць ніякіх спецыяльных умоў і абсталявання. Гэта забяспечвае іх арганізацыю на свежым паветры даступнай, прычым сезоннасць беларускіх гульняў дазваляе праводзіць іх на працягу ўсяго года. Комплекснае ўздзеянне фізічнай актыўнасці і звычайных прыродных умоў на арганізм узмацняюць закаляючы эфект. Усе формы і сродкі традыцыйнай фізічнай культуры звязаны са звычайнымі ўмовамі, якія маюць важнае значэнне ў замацаванні здароўя дзяцей.
https://planetabelarus.by/sights/natsionalnaya-biblioteka-bel
Беларускія народныя казкі
Казкі пра жывёл
Як кот звярэй напалохаў
Чаму барсук і ліса ў норах жывуць
Чароўныя казкі
Аддай тое, што дома не аставіў
Адткуль пайшлі паны на Палессі
Пра папа Кірылу і яго работніка Гаўрылу
Фёдар Набілкін і сапраўдныя багатыры